^Вверх

foto1 foto2 foto3 foto4 foto5

Народныя цацкi i малюнкавыя вобразы мiфiчных i казачных iстот канспект занятка

Арганiзацыя мастацка-выяўленчай дзейнасцi дзяцей з дапамогай народных цацак i малюнкавых вобразаў мiфiчных i казачных iстот

З вобразамi міфічных i казачных істот выхаванцы старшай группы часцей знаёмяцца падчас расказвання казак i паданняў, правядзення народных свят, фальклорных карнавалаў.

 

Міфічная істота Ох

Ох – міфічная істота. Выглядае барадатым чалавечкам невялікага росту. Носіць паласатыя штаны, кашулю, падпяразваецца поясам з беларускім арнаментам. На галаве ў яго прыгожы саламяны капялюшык, або шапка-аблавуха, або магерка, на нагах – лапці. Жыве пад зямлёю. Калі хто, бядуючы, уздыхае: «Ох!», то ён выходзщь з-пад зямлі і пытаецца ў яго: «Чаго патрабуеш?» А як хто ўжо гэта ведае, ды не спалохаецца і скажа яму, чаго хоча, то ён яму тое і дасць.

 

расказванне беларускай народнай казкі "Ох і залатая табакерка"

 Мэта: развіваць у дзяцей уменне эмацыйна ўспрымаць казку, разумець змест казачнага тэксту, адчуваць маляўнічасць казачных вобразаў; прывіваць выхаванцам навыкі звязнага маўлення.

Матэрыял: малюнкавы вобраз "Ох" (слайд).

 Ход занятку

 Разглядванне малюнкавага вобраза. Апісанне яго характэрных асаблівасцей дзецьмі. Расказванне казкі педагогам (гл. Дадатак 1). Гутарка пасля расказвання.

Педагог. Хто такі Ох? Што падараваў ён Янку? Назавіце сапраўдных сяброў Янкі. Чаму іх можна лічыць сапраўднымі сябрамі?

 

Казачная iстота Вадзянік

Вадзянік выглядае дзядком з зялёнай барадой і валасамі, якія зблыталіся з цінай і водарасцямі. Па павер'ях, гэтая істота жыве ў рэках, азёрах, крыніцах, нават у калодзежах. У Беларусі вадзянік – уладар вадаёмаў. Вобраз вадзяніка шырока вядомы і ў беларускім фальклоры, і ў літаратуры. Фальклорны вадзянік з'яўляецца марскім царом (у чарадзейных казках).

 

знаёмства з малюнкавым вобразам вадзяніка

 Мэта: пазнаёміць дзяцей з малюнкавым вобразам вадзяніка, вызначыць яго характэрныя асаблівасці.

Матэрыял: малюнкавы вобраз "Вадзянік" (слайд).

 Ход занятку

 Педагог (паказвае дзецям малюнкавы вобраз вадзяніка). Ці ведаеце вы, хто гэта? Чаму вы так думаеце?  Як вы здагадаліся, што гэта вадзянік?

У Беларусі вадзянік – уладар вадаёмаў. Яго ўяўлялі ў вобразе дзядка з доўгімі валасамі зялёнага колеру, ён увесь у ціне і водарасцях. Што адметнага вы заўважылі ў малюнкавым вобразе вадзяніка? Ці падабаецца вам вадзянік? Апішыце яго.

 

Міфічная істота Хатнік (дамавік)

Хатнік выглядае старым дзядком з доўгімі валасамі. Носіць вопратку белага колеру. На галаве – магерка, на нагах – лапці. Жыве ў кожнай хаце і з'яўляецца яе апекуном. Назірае за гаспадаркай і сямейным побытам. Дамавік – дбайны гаспадар. Ён любіць дружную сям'ю.

Знаёмства з малюнкавым вобразам дамавіка будуецца такім жа чынам, як і з вобразам вадзяніка (слайд).

 

Міфічная істота Палявік

Палявік – міфічная істота, выглядае маладым, дужым, статным хлопцам з блакітнымі вачыма і русымі валасамі. Махне палявік правай рукою – расце і таўсцее сцябло. Махне леваю – наліваецца колас, страсяне галавою – уся ніва ўсцілаецца залатымі снапамі.

Знаёмства з малюнкавым вобразам палевіка будуецца такім жа чынам, як і з вобразам вадзяніка (слайд).

 

расказванне казкі "Палешукі і палевікі"

Мэта: развіваць у дзяцей уменне эмацыйна ўспрымаць казку, разумець змест казачнага тэксту, адчуваць маляўнічасць казачных вобразаў; развіваць у выхаванцаў навыкі звязнага маўлення. Выхоўваць любоў і павагу да працы.

Матэрыл: малюнкавы вобраз "Палевік" (слайд).

 Ход занятку

Разглядванне малюнкавага вобраза палевіка. Апісанне яго дзецьмі. Расказванне казкі педагогам. Гутарка пасля расказвання.

Педагог. Што адметнага вы заўважылі ў малюнкавым вобразе палевіка? Хто такія палешукі? Хто такія палевікі?

 

Міфічная істота Ярыла

 Ярыла – міфічная істота. На выгляд гэта малады, прыгожы юнак у белым плашчы. На галаве ў яго вянок, у руках каласы, ногі босыя.

Знаёмства з малюнкавым вобразам Ярылы адбываецца такім жа чынам, як і з вобразам вадзяніка (слайд).

 

Казачная iстота Ляля

 Ляля (Лёля) – багіня вясны. Ахоўвае моладзь, закаханых. Выглядае як маладзенькая, прыгожая, стройная, высокая дзяўчына (таму кажуць: «Прыгожая, як Ляля»). На галаве можа быць вяночак з кветак.

Знаёмства з малюнкавым вобразам Лялі адбываецца такім жа чынам, як і з вобразам вадзяніка (слайд).

 

Казачная iстота Асілак

 Асілак – рослы, магутны як дуб чалавек... Адзенне асілка са звярыных шкур. Вобраз яго прадстаўлены ў казках і паданнях.

Знаёмства з малюнкавым вобразам асілка адбываецца такім жа чынам, як і з вобразам вадзяніка (слайд).

 расказванне беларускай народнай казкі "Асілкі"

Мэта: развіваць у дзяцей уменне эмацыйна ўспрымаць казку, разумець змест фальклорнага тэксту, адчуваць маляўнічасць казачных вобразаў; прывіваць выхаванцам навыкі звязнага маўлення.

Матэрыл: малюнкавы вобраз "Асілак" (слайд).

 Ход занятку

 Разглядванне малюнкавага вобраза асілка. Апісанне яго дзецьмі. Расказванне падання педагогам. Гутарка пасля расказвання.

Педагог. Хто такія асілкі? Як апісваюцца асілкі ў казцы?

 
 расказванне падання "Пра асілка і змеяў"

Мэта: развіваць у дзяцей уменне эмацыйна ўспрымаць казку, разумець змест фальклорнага тэксту, адчуваць маляўнічасць казачных вобразаў; прывіваць выхаванцам навыкі звязнага маўлення.

Матэрыл: малюнкавы вобраз "Асілак" (слайд).

 Ход занятку

 Разглядванне малюнкавага вобраза асілка. Апісанне яго дзецьмі. Расказванне падання педагогам. Гутарка пасля расказвання.

Педагог. Што сталася з асілкам? Як ён дапамог людзям?

 

Казачная iстота Кацігарошак

Кацігарошак – казачны герой, асілак. Вобраз Кацігарошка падаецца ў казках.

Знаёмства з малюнкавым вобразам Кацігарошка адбываецца такім жа чынам, як і з вобразам вадзяніка (слайд).

 

Міфічная істота Лешы, або лясун

Лешы, або лясун, – міфічная істота. Ён – гаспадар лесу і звяроў. Прыгожы чалавечак, галава якога пакрыта доўгімі кучарамі і нагадвае вершаліну хвоі. Вялізнае тулава апранута ў звярыныя (воўчыя і мядзвежыя) шкуры поўсцю ўверх; рукі і ногі тоўстыя і моцныя, як ствалы дубоў, вочы гараць, як у савы. Ростам лесавік роўны з дрэвамі таго лесу, дзе валадарыць. Можа павялічвацца і памяншацца, прыстасоўваючыся да велічынні дрэў. Ён надзвычай дужы: калі разгуляецца ў лесе падчас буры, то з коранем вырывае магутныя дубы, на кавалачкі ламае векавыя сосны, валіць на зямлю мноства дрэў, высцілаючы свой шлях у лясным гушчары, каб ніякая сіла не магла дабрацца да яго логава па пакінутых ім слядах. Калі лесавік разгульвае па сваіх уладаннях, яго суправаджаюць зграі звяроў і чароды птушак, асабліва совы, пугачы, сарокі. Ён дапамагае людзям.

Знаёмства з малюнкавым вобразам лешага адбываецца такім жа чынам, як і з вобразам вадзяніка (слайд).

 

Міфічная істота Зюзя

 Зюзя – бог зімы. Старэнькі дзядок, нізенькага росту, тоўсты, з белымі як снег валасамі і такой жа белай даўжэзнай барадой. Ходзіць у белай цёплай вопратцы, ногі ў яго босыя, галава нічым не прыкрытая. У руцэ носіць жалезную булаву. Выраз твару добры. Нос як бульбачка.

Знаёмства з малюнкавым вобразам Зюзі адбываецца такім жа чынам, як і з вобразам вадзяніка (слайд).

 

завучванне верша Л. Геніюш "Мароз"

Мэта: развіваць у дзяцей уменне эмацыянальна ўспрымаць вершы, разумець вобразны змест вершаваных тэкстаў, звязваць яго з рэальнымі карцінамі прыроды; падтрымліваць у выхаванцаў жаданне самастойна расказваць верш на памяць.

Матэрыял: малюнкавы вобраз "Зюзя" (слайд).

 Ход занятку

Педагог. Вы сёння ішлі ў дзіцячы садок, якая на двары пара года? Давайце разам раскажам пра зіму. Зімой холадна (прапаноўвае дзецям працягваць далей), сонейка амаль не ... свеціць, ідзе ... снег, кусае за тварык ... мароз, дрэвы стаяць ... голыя, на галінках дрэў і кустоў ... снег, рэчкі пакрыліся ... лёдам. Гэта Зюзя стараецца (Дэманструе слайд.) Ён марозіць усё, што пападае пад руку. Зюзя сваёй пушыстай i вялiкай барадой замятае ўсе сцежкi-дарожкi, атуляе снегам дрэвы ў лесе i садзе, насыпае высокiя гурбы, з якiх так добра з’язджаць на санках. Паслухайце верш Янкі Журбы пра Дзядулю Мароза.

 

У вопратцы белай,

Шырокай, даўгой,

З вялікай пушыстай

Мятлой-барадой

 

Прыйшоў к нам здалёку

Дзядуля Мароз,

Завеі і холад

З сабою прынёс.

 

У бель апранае

Ён дрэвы, кусты,

На рэчках, азёрах

Будуе масты.

 

Раскажыце словамі з верша пра Дзядулю Мароза. (Адказы дзяцей.) Так, гэта ён.

 

У вопратцы белай,

Шырокай, даўгой,

З вялікай пушыстай

Мятлой-барадой.

 

Дзядуля Мароз прынёс нам завеі і холад. У снег апранае ён дрэвы, кусты, а на рэчках і азёрах будуе масты. Ці баяцца дзеткі Дзядулю Мароза? Каб не замёрзнуць, патрэбна ў моцны мароз цёпла апранацца. Паслухайце яшчэ адзін вершык пра мароз. Яго напісала Ларыса Геніюш.

 

На дварэ – мароз,

Лёд да стрэх прырос.

Ой, мароз, мароз, – шчыпле твар да слёз.

– Ажно сам замёрз, – кажа Дзед Мароз.

 

Што робіць мароз з нашым тварыкам? Так, "ой, мароз, мароз, – шчыпле твар да слёз". Паўтары, Аленка: "Ой, мароз, мароз, – шчыпле твар да слёз". Паўтары, Алесiк. А пра сябе што кажа Дзед Мароз? «Ажно сам замёрз, - кажа Дзед Мароз». Паўтары, Юлечка, паўтары, Толiк. Паслухайце вершык яшчэ раз. Паспрабуем расказаць верш разам (iнтанацыяй заахвочвае дзяцей да заканчэння кожнага радка.)

На дварэ – … мароз,

 

Лёд да стрэх … прырос

Ой, мароз, мароз, – шчыпле твар да слёз.

– Ажно сам замёрз, – кажа Дзед Мароз.

 

А цяпер раскажыце верш пра мароз самастойна.

 

Старжынская Н. С. Народная цацка – люстэрка культуры: дапам. для педагогаў ўстаноў дашкольнай адукацыi з беларускай i рускай мовамi навучання. – Мiнск: Вышэйшая школа, 2014, 63-69 с.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить